Пра ўкусную булачку ў магазіне па дагавору і не толькі…

Автор: Ніна КАЧАН, філолаг вкл. .

Аднойчы, стоячы ў чарзе ў кафетэрыі, давялося назіраць, як адзін беларускамоўны наведвальнік абураўся на кабету-бармэна: ‹‹Як, вы не ведаеце, што такое гарбата?!.››. Маладзічка, трэба аддаць ёй належнае, хутка зарыентавалася, без праблем перайшла на беларускую мову, падзякавала нават за ўзбагачэнне свайго лексічнага запасу, паабяцала надалей выправіцца і прыязна запытала: ‹‹А да гарбаты што будзеце?›› —‹‹Булачку дайце›› —‹‹А якую Вам булачку?›› — ‹‹Ну, укусную›› — не варухнуўшы брывом, адказаў чалавек.

На вялікі жаль, такія ўжо рэаліі нашага жыцця, нашага двухмоўнага асяроддзя, што нават тыя, хто стала і свядома карыстаецца беларускай мовай, не могуць пазбегнуць  гэтакзванай ‹‹трасянкі››. Пры тым у звычайным, як кажуць, бытавым ўжытку, у той сферы, дзе абавязкова ёсць лексічны адпаведнік на любы выпадак жыцця. А што ўжо казаць, да прыкладу, пра мову справаводства, дзе многія нават і не падазраюць пра наяўнасць прыгожых, мілагучных, цалкам натуральных для беларускай мовы словаформ?

За гады савецкай ўлады, калі праводзілася гэтак званая палітыка збліжэння моў (асабліва, што адносілася да грамадска-палітычнай тэрміналогіі), у нашу мову было панацягана столькі смецця, што выграбаць яго давядзецца, мабыць, яшчэ не аднаму пакаленню беларусаў. Аднак пакуль што гэтае смецце, наносячы вялікую шкоду нашай мове, перакідваецца з выдання ў выданне, з шыльды на шыльду, і што сама горш — з слоўніка ў слоўнік. Таму ў нас па школах і сёння, як у савецкія часы, бегаюць ‹‹рабяты››, шыльды на нашых крамах упарта нас пераконваюць у тым, што гэта, бачыце, насамрэч ‹‹магазіны››, а ўказальнікі на чыгуначных вакзалах паказваюць нам выхад на ‹‹пуць›› да ‹‹паяздоў›› (рукі б паадбіваць!). Паспрабуйце аб’яднаць такія словы ў сінтаксічную канструкцыю (да прыкладу, сказ), як мы наўмысна зрабілі гэта ў назве нашага артыкула, і вы пераканаецеся, што гэта ніякая не беларуская мова, што гэта ўваголе ніякая не мова — проста смецце.

Што ж да мовы справаводства, то ўзгадайма, як яшчэ у канцы XIX ст. класік беларускай літаратуры Ф. Багушэвіч з захапленнем адзначаў, што даводзілася яму чытаць ‹‹ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася››. Беларуская нацыянальная навуковая тэрміналогія зрабіла яшчэ больш значныя крокі наперад ужо пасля Багушэвіча, да прыкладу, у 20-я гады XX ст., калі вялася досыць актыўная праца ў гэтым накірунку Тэрміналагічнай камісіяй Інстытута беларускай культуры (пазней — Беларуская акадэмія навук). Гэтая камісія падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі тэрміналагічных слоўнікаў (праву быў прысвечаны X выпуск, грамадазнаўству — XI).

Чаму ж сёння мы не карыстаемся здабыткамі нашых продкаў, а засмечваем родную мову? Да прыкладу, нават беларускамоўнага чалавека, нават філолага, лёгка можна паставіць у тупік пытаннем: як перакладаецца рускі тэрмін «сделка»? Хто з вас чуў беларускі адпаведнік гэтага слова, акрамя абсалютна неадпаведнага і неўласцівага беларускай мове здзелка, якое і гучыць у нашай мове неяк здзекліва, хоць і падаецца слоўнікамі? А між тым, адпаведнік даўным-даўно ёсць —  угода. Слова цалкам лаканічнае для беларускага вуха.

Альбо чаму мы выкарыстоўваем рускае слова дагавор замест нашага беларускага дамова? Дагаварыліся ці дамовіліся? Слова ‹‹дагаварыцца›› ў беларускай мове азначае крайнюю ступеню моўнай нястрыманасці ці некарэктнасці, а таму, часцей, нясе негатыўнае адценне: ‹‹ён дагаварыўся да таго, што стаў абражаць усіх прысутных››; альбо ‹‹бакі пад час перамоваў дагаварыліся да таго, што ўзнікла яшчэ больш супярэчнасцяў››. Як бачым, слова ‹‹дагаварыліся›› мае зусім іншы сэнс. А вось каб адбылася ўгода, то яе бакам паміж сабой трэба ўсё-ткі дамовіцца і свае дамоўленасці заключыць у дамову.

І не трэба пасля гэтага казаць, што можна і так, і так. Бо гэтае ‹‹так і так›› абазначае ‹‹натуральна і ненатуральна››, ‹‹мілагучна і немілагучна››, ‹‹адпаведна законам беларускай мовы і неадпаведна››. І натуральней ўсё-такі для беларускае мовы асобнік (паасобнік,) а не экзэмпляр, наклад, а не тыраж, кіраўнік (кіраўнічы), а не упраўляючы, гэтак жа як і кіраўніцтва, а не праўленне. Логіка тут вельмі простая, яе акрэсліў калісці яшчэ Якуб Колас: перш, чым пазычаць, пашукай добра ў сваіх кішэнях. Яно і праўда, квапіцца на чужое, маючы сваё, заўсёды лічылася дурной звычкай.

Нічога, апроч абурэння, не могуць выклікаць калькі з рускай мовы такіх канцылярскіх штампаў як «настоящая справка», «настоящим удостоверяю», «действительно проживает» і т.п. Варта сказаць, што і ў рускай мове выразы падобнага кшталту ўжо даўно лічацца архаічнымі, не пажаданымі для ўжывання. Аднак у нас яшчэ і сёння можна сустрэць сапраўды пражывае альбо дадзеная даведка выдадзена. Абсурдна ўвогуле выглядае, калі ў такіх выпадках рускае слова настоящая перакладаюць як сапраўдная — прыметнік «настоящая», калі і ўжываецца тут, то ў значэнні гэтая. Аднак падобныя штампы цалкам не адпавядаюць нашай беларускай мове, кніжны стыль якой, у адрозненне ад рускай, з гутарковым разыходзіцца нязначна. Таму ў справаводстве трэба пазбягаць гэтых сапраўдная, дадзеная і т.п. Калі мы трымаем у руках даведку, то зразумела само па сабе, што яна ‹‹гэтая››, а не ‹‹тая››, гэтаксама як даведка не можа казаць аб тым, што чалавек, да прыкладу, не сапраўды пражывае — або пражывае, або не пражывае.

Закранутая намі тэма неабсяжная, яна патрабуе пастаяннай увагі, і мы спадзяемся, што з нашага боку так і будзе. Сёння ж завершым, прыпыніўшыся яшчэ на адным, вельмі часта ўжывальным нашай аўдыторыяй, слове, якое хоць і маленькае, хоць і рэдка сустракаецца ў пісьмовай мове (больш вусна), аднак дасведчаннаму суразмоўцу нешта скажа пра ўзровень нашай маўленчай культуры. Дарэчы, гэта якраз той выпадак, калі не мае значэння, якой мовай вы карыстаецеся (беларускай ці рускай) — правільна казаць алё а не ало.

Онлайн консультация врача Хотите задать вопрос врачу?