У мовы свае законы: правілы ўжывання вялікай і малой літары ў афіцыйных назвах

Автор: Аляксандр Горбач, юрыст, філолаг вкл. .

Неяк давялося сур’ёзна паспрачацца з адным аўтарытэтным юрыстам. І каб з-за чаго значнага — з-за адной літары! Так, усяго з-за адной, хоць і вялікай. Калегу хацелася пачаць ёй слова «пастанова» (мелася на ўвазе пастанова Савета Міністраў).

Захапіўшыся спрэчкай, мой апанент паклаў на вагі ўсе свае юрыдычныя тытулы, званні і ўзнагароды, а ў якасці апошняга аргумента быў прыведзены Закон Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах», маўляў, паглядзі там і пераканайся, калі не хочаш мне верыць.

Калега гаварыў шчыра і нават не хацеў слухаць, што ўзгаданы Закон нашу спрэчку не вырашыць, бо рэгулюе ён не правапіс, а зусім іншую сферу грамадскіх адносін, а менавіта вызначае паняцце і віды нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, устанаўлівае агульны парадак іх падрыхтоўкі, афармлення, прыняцця (выдання), апублікавання, дзеяння, талкавання і сістэматызацыі. Што да мовы, то у яе свае законы. Дзеля справядлівасці адносна беларускай мовы трэба зазначыць, што Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі зацверджаны сёння Законам Рэспублікі Беларусь ад 23.07.2008 № 420-З. Аднак найперш гэта законы мовы, якія складаліся і выкшталцоўваліся праз стагоддзі народам і якія аніяк непадуладны нармаванню звонку.

Сакратарам, людзям, што маюць непасрэднае дачыненне да справаводства, не меньш, чым юрыстам даводзіцца пры афармленні розных папер сутыкацца з праблемай ужывання вялікай і малой літары як у назвах розных дзяржаўных устаноў, так і ў назвах тых жа нарматыўных прававых актаў. Таму спадзяемся, што гэты артыкул будзе карысным для шаноўнай аўдыторыі, у тым ліку і для тых, хто вядзе справаводства на рускай мове — правілы адныя і тыя ж.

Назвы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый

Трэба памятаць, што з вялікай літары пішуцца ўсе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін:

  • Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь;
  • Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь;
  • Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь;
  • Дзяржаўная Дума Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі;
  • Нацыянальны Кангрэс ЗША;
  • Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў.

Разам з тым ёсць выключэнні:

  • Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь;
  • Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Што да найменняў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, то з вялікай літары ў іх пішацца першае слова. Напрыклад:

  • Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі);
  • Нацыянальная акадэмія навук Беларусі;
  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;
  • Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы;
  • Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны;
  • Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (Белтэлерадыёкампанія);
  • Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі;
  • Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт;
  • Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь;
  • Еўрапейскі саюз (Еўрасаюз);
  • Сусветны паштовы саюз;
  • Міжнародны алімпійскі камітэт;
  • Міжнародная авіяцыйная федэрацыя.

Гэтаксама з вячлікай літары будзем пісаць простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый:

  • Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь;
  • Дзяржаўны літаратурны мемарыяльны музей Якуба Коласа;
  • Парламенцкая асамблея Савета Еўропы;
  • Таварыства Чырвонага Крыжа;
  • Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН);
  • Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый;
  • Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА).

Слова Савет у значэнні органа ўлады таксама пішацца з вялікай літары:

  • Мінскі абласны Савет дэпутатаў;
  • сельскі Савет дэпутатаў; але: сельсавет.

З вялікай літары пішуцца словы  Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Зімовы палац, дом адпачынку.

Найменні пасад і званняў, ветлівыя звароты і спецыяльныя абазначэнні

З вялікай літары пішуцца словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах:

  • Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;
  • Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь;
  • Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі;
  • Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
  • Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь;
  • Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь;
  • Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі;
  • Кароль Іярданіі;
  • Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі;
  • Імператар Японіі;
  • Папа Рымскі;
  • Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі;
  • Далай-Лама.

У той час як у неафі­цыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні, прыём у караля, загад імператара; але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Гэтаксама з вялікай літары будуць пісацца словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер):

  • Герой Беларусі;
  • Герой Савецкага Саюза;
  • Герой Сацыялістычнай Працы;
  • кавалер ордэна Ганаровага Легіёна.

Займеннік Вы пішацца з вялікай літары ў розных пасланнях і лістах як форма ветлівага звароту да адной асобы. Калі ж вам даводзіцца звяртацца да няпэўнага, неакрэсленага кола людзей (як вось нам цяпер да чытачоў часопіса), тады ўжыванне вялікай літары будзе не да месца.

З вялікай літары таксама будзем пісаць словы ў назвах бакоў у пагадненнях, кантрактах і іншых дамовах: Высокія Дагаворныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканаўца.

Назвы дакументаў і іх зводаў

Цяпер мы падыйшлі якраз да той тэмы, з якой, уласна, і пачыналі нашу размову: як жа пісаць назвы дакументаў, нарматыўных прававых актаў?

Трэба проста запомніць, што з вялікай літары пішуцца аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх зводаў. Так, будзем пісаць:

  • Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, але канстытуцыі еўрапейскіх краін;
  • Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», але законы, што рэгулююць нарматворчую дзейнасць;
  • Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб узнагароджанні мнагадзетных маці ордэнам Маці», але указы кіраўніка краіны;
  • Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў,але згодна з нашым заканадаўствам кодэкс мае вышэйшую сілу у адносінах да іншых законаў.

Калі маем на ўвазе канкрэтны нарматыўны акт, тады і ўжываем вялікую літару, калі ж кажам абагульнена, словы закон, указ, кодэкс, дэкрэт прымяняем для абазначэння не канкрэтнага дакумента, а толькі як для вызначэння віда нарматыўнага акта, тады пішам з малой літары.

З вялікай літары будзе пісацца першае слова ў назвах такіх дакументаў, як Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Літоўская метрыка.

Але згодна Правілам беларускай арфаграфіі і пунктуацыі такія дакусменты, як распараджэнне (пратакол даручэнняў) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пішуцца за малой літары. Гэта проста трэба запомніць.

На заканчэнне яшчэ раз зазначым, што адносна акрэсленай намі праблематыкі ў рускай мове дзейнічаюць тыя ж правілы.

Онлайн консультация врача Хотите задать вопрос врачу?