Статут 1588 года — першая беларуская канстытуцыя
Штогод верасень у нашай краіне праходзіць пад эгідай свята беларускага пісьменства і друку. Пачатак гісторыі беларускага друку, як вядома, паклаў слаўны сын зямлі полацкай Францішак Скарына. У адным шэрагу з ягонымі кнігамі як найвялікшая наша духоўная каштоўнасць стаіць і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года — найдасканалейшы звод законаў у тагачаснай Еўропе.
Ва ўступе да Статута 1588 года ягоны ідэйны натхняльнік — канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега — змясціў пранікнёныя словы пра свабоду як найважнейшую каштоўнасць грамадства. Згадваючы Цыцэрона, ён выразна сфармуляваў галоўную ідэю прававой дзяржавы — падпарадкаванне ўсіх адзінаму праву: «естесмо невольниками прав для того, обысмы вольности уживати могли». Абвяшчэнне ідэі верхавенства права ў перыяд феадалізму сведчыла аб зараджэнні новай дзяржаўна-прававой тэорыі, якая найбольш поўна праявілася ў нормах дзяржаўнага права Вялікага Княства Літоўскага. Леў Сапега яшчэ з большым гонарам адзначаў: «Не чужой якой моваю, але сваёю ўласнай правы пісаныя маем». Артыкул 1 раздзела IV Статута зацвердзіў дзяржаўнасць старабеларускай мовы.
Дзеля захавання незалежнасці
Статут 1588 года быў прыняты пасля акта Люблінскай уніі 1569 года аб утварэнні Рэчы Паспалітай у выніку абэяднання двух народаў. Для ліцвінскага грамадства вынікі Люблінскай уніі былі шокавымі. ВКЛ страціла трэць дзяржаўнай тэрыторыі, велікакняжацкі сойм павінен быў прыпыніць сваё існаванне. У агульны Сенат трапіла нешматлікая колькасць магнатаў ВКЛ, якія апынуліся на мяжы страты палітычнай улады ў новай дзяржаве. Польскі бок дамогся, каб для абедзвюх дзяржаў выбіраўся агульны кароль. Грошы у дзвюх дзяржавах прызнаваліся раўнацэннымі і аднолькавымі. Прадугледжвалася уніфікацыя заканадаўства.
Вось чаму ў ВКЛ сталі ўзрастаць антыпольскія настроі і беларуская шляхта імкнулася да тых «залатых часоў», калі Вялікае Княства самастойна вызначала і праводзіла сваю палітыку. Для абароны сваіх інтарэсаў у 1581 годзе была створана асобная вышэйшая судовая інстанцыя для ВКЛ — Галоўны трыбунал. Тут разглядаліся справы аб дзяржаўных злачынствах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, па скаргах на злоўжыванні ўладай вышэйшых службовых асоб. Але самым важкім здабыткам у барацьбе за дзяржаўную самастойнасць ВКЛ было прыняцце Статута 1588 года.
Тое, што Статут быў зацверджаны, — цалкам заслуга канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Пры звычайных абставінах гэты Статут кароль Рэчы Паспалітай ніколі б не зацвердзіў. Пасля смерці Стэфана Баторыя, які памёр 12 снежня 1586 года, кандыдатамі на прастол у Рэчы Паспалітай былі рускі цар Фёдар Іванавіч, якога падтрымлівала праваслаўная шляхта Беларусі і Украіны, шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза, за якога стаяла каталіцкае духавенства і значная частка феадалаў-католікаў, а таксама аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян. Але рускі цар хутка адмовіўся ад вылучэння сваёй кандыдатуры на трон, і галоўная барацьба разгарнулася паміж прыхільнікамі Жыгімонта Вазы і Максіміліяна. Прадстаўнікі Вялікага княства, скарыстаўшы гэтую барацьбу, прапанавалі Жыгімонту сваю падтрымку, калі ён зацвердзіць Статут, на што той і пагадзіўся.
Статут 1588 года адназначна сцвярджаў, што найважнейныя пытанні (вайна ці мір, падаткі, прыняцце законаў) меў права вырашаць толькі беларуска-літоўскі парламент (сойм). У Вільні новы кодэкс законаў разглядаўся як прававая гарантыя адасобленасці Вялікага Княства ад Польшчы. Не касуючы самога Люблінскага акта, Статут 1588 года фактычна пазбаўляў яго юрыдычнай сілы, паколькі не змяшчаў ніводнай пастановы аб уніі (яна згадвалася толькі ў самым агульным плане). Ён заканадаўча аформіў захаванне Вялікага Княства Літоўскага як дзяржавы насуперак акту Люблінскай уніі. У гэтым галоўнае значэнне яго дзяржаўна-прававых норм.
Дзяржаўнае ўладкаванне
У Статут увайшлі нормы канстытуцыйнага права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх краін. Статут упершыню ў нашай гісторыі падзяліў уладу на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (Вялікі князь, Рада паноў) і судовую (Галоўны трыбунал). Значна пазней, толькі ў XVII–XVIII стст., знакамітыя еўрапейскія асветнікі Джон Локк і Шарль Мантэск’е тэарытычна абгрунтуюць неабходнасць падзелу ўлады, а ў нас гэта ўжо было нормаю дзяржаўнага жыцця.
Згодна Статуту кіраўніком беларуска-літоўскай дзяржавы прызнаваўся Вялікі князь (гаспадар). Да яго кампетэнцыі адносілася заключэнне міжнародных пагадненняў, прыём і накіраванне паслоў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру. Гаспадар лічыўся кіраўніком усіх вышэйшых органаў улады.
Асноўная роля ў абмежаванні ўлады гаспадара належала Радзе паноў, якая была пастаяннадзеючым, распарадча-выканаўчым, заканадаўчым, кантралюючым і судовым органам улады. Свае паўнамоцтвы Рада выконвала сумесна з Вялікім князем, а пры яго адсутнасці – самастойна. Парадак дзейнасці Рады і яе паўнамоцтвы не атрымалі ў Статуце 1588 года дэталёвага замацавання і рэгламентацыі, таму пры вырашэнні спраў Рада кіравалася пераважна звычаёвым правам, традыцыямі. У склад Рады ўваходзілі асобы, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады: віленскі біскуп, канцлер (кіраўнік велікакняжацкай канцылярыі, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі), падканцлер, падскарбі (сягодняшні міністр фінансаў), гетманы (начальнікі войска), маршалкі (старшыні на пасяджэннях Рады і сойма), ваяводы (кіраўнікі ваяводстваў) і кашталяны (намеснікі ваяводаў, якія кіравалі войскам ваяводства). Уладныя паўнамоцтвы Рады кантраляваліся Вялікім князем і соймам.
Па Статуту 1588 года заканадаўчая ўлада належыла сойму, які працягваў традыцыі вечавога ладу Полацкага княства. Яго з’яўленне было абумоўлена неабходнасцю пашырэння сацыяльнай апоры вярхоўнай улады. На пасяджэннях сойма магла прысутнічаць уся шляхта. Але каб пазбегнуць залішняй шматлюднасці было вырашана пасылаць ад павета па два дэпутаты на агульны (вальны) сойм. Яны выбіраліся на павятовых сойміках, дзе збіралася ўся шляхта раёна і выпрацоўваліся інструкцыі паслам-дэпутатам. На соймах абмяркоўваліся пытанні аб выбранні Вялікіга князя, заключэнні знешнепалітычных саюзаў, абвяшчэнні вайны (з XVI ст.), нормах вайсковай службы і вайсковых падаткаў, аб заканадаўстве і судовай дзейнасці.
Такім чынам, Статут 1588 года не толькі абараняў незалежнасць ВКЛ, але і скасоўваў вельмі прынцыповы для польскага боку пункт пастановы Люблінскага сойма 1569 года аб дазволе шляхце Каралеўства Польскага займаць дзяржаўныя пасады і набываць зямельную ўласнасць у межах ВКЛ. Статут 1588 года зацвярджаў незалежную ад Польшчы судовувую сістэму, якая лічылася адной з самых дасканалых і дэмакратычных у Еўропе. Суды былі незалежнымі ад улады, абвяшчалася публічнасць суда і адзінства законаў для ўсіх. Кожны абвінавачваемы меў права на адваката, якія ў нас з’явіліся ўжо ў XVI ст. (дарэчы, у Расіі толькі ў 1864 годзе). Пазямельнымі спрэчкамі займаліся падкаморскія суды, а крымінальнымі — замкавыя суды. Дзейнічаў традыцыйны копны суд, на якіх суддзямі былі старцы копныя з сялян.
Мясцовае кіраванне
Статут 1588 года замяніў васальную сістэму мясцовага самакіравання на павятова-ваяводскую, што забяспечыла кансалідацыю правячай эліты вакол велікакняжацкай улады. Ваявода як кіраўнік мясцовай улады вырашаў усе галоўныя пытанні кіравання на сваёй тэрыторыі. Назначаў ваяводаў сам гаспадар разам з Радай. Аднак у Полацкім і Віцебскім ваяводствах Вялікі князь, узводзячы на ваяводствы сваіх стаўленікаў, павінен быў улічваць думку і настроі мясцовых баяр, даваць ім ваяводу па «іх волі». Калі гэта рабілася насуперак іх жаданням, то палачане і віцябляне мелі права іх прагнаць. Менавіта так і здарылася са Скіргайлам, які, стаўшы полацкім князем, адмовіўся прыняць праваслаўную веру, чым выклікаў гнеў мясцовага насельніцтва. Яго пасадзілі задам-наперад на каня і пад крыкі палачан, непажаданы князь быў з ганьбаю прагнаны з Полацка.
Прычым гэта была не адзіная ўступка цэнтральнай улады мясцовай знаці. Калі ў іншых ваяводствах іх кіраўнікі асабіста чынілі суд, то ў Полацку і Віцебску на ваяводскім судзе была абавязковай прысутнасць старэйшых баяр і мяшчан. Мала таго, у Полацкім і Віцебскім ваяводствах права займаць пасады ключніка (наглядаў за выкананем павіннасцей і зборам падаткаў), гараднічага (адказваў за рамонт і ўмацаванне ваяводскага замку), лоўчага (даглядаў лясныя ўгоддзі) мелі толькі ўраджэнцы гэтых зямель.
Падобная самастойнасць у вырашэнні мясцовага кіравання ў Полацкай і Віцебскай землях у канцы XV — першай паловы XVI ст. тлумачыцца тым, што яны ўвайшлі ў склад ВКЛ на ўмовах дагавору мясцовага баярства з Вялікім князем. Вярхоўная ўлада ў Вільні была зацікаўлена ў захаванні ў складзе Вялікага княства Літоўскага магутных Полацкай і Віцебскай зямель, якія размяшчаліся на памежжы з Вялікім княствам Маскоўскім. Гэта прымушала кіруючыя колы ісці на значныя саступкі мясцовай знаці і захоўваць за ёй права арганізацыі мясцовай улады. Іншыя беларускія землі не атрымалі ў складзе ВКЛ такой самастойнасці ў мясцовым кіраванні. Менавіта таму з гэтага рэгіёна выйшла абсалютная большасць знакамітых родаў беларускага паходжання. Іх прадстаўнікі займалі кіруючыя пасады як у мясцовых, так і цэнтральных органах улады ВКЛ.
Правы і свабоды насельніцтва
Артыкул 3 раздзела III Статута 1588 года зацвярджаў свабоду слова, свабоду веравызнання і рэлігійную талерантнасць («мы розныя ў веры, але будзем мір паміж сабою захоўваць»). Не толькі католікі, але праваслаўныя і пратэстанты мелі права займаць дзяржаўныя пасады. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу.
Сістэматызацыя права, на аснове якой ствараўся Статут 1588 года, рабілася на новых прынцыпах, уласцівых для пераходнай эпохі ад сярэдневякоўя да Новага часу і зараджэння буржуазных адносін: абмежаванне ўлады гасудара; абвяшчалася раздзяленне ўлад і неабходнасць прытрымлівацца дзяржаўнага суверэнітэту насуперак сярэдневяковаму царкоўнаму касмапалітызму, адзінства права для ўсёй дзяржавы і ўсіх паўнапраўных людзей.
Пануючым станам-саслоўем Статут вызначаў шляхту. Толькі яна мела права займаць дзяржаўныя пасады, служыць у войску і валодаць зямлей. Валоданне зямлёй забяспечвала багацце шляхты. Цалкам адлучаў земляроба ад зямлі артыкул 26 раздзела III Статута ВКЛ 1588 года: «Простага стану чалавек, не атрымаўшы раней ад нас, гаспадара, шляхецкай вольнасці, маёнткаў і зямель шляхецкіх, ніякіям звычаем займець, а ні купляю сваёю трымаць не можа».
Прызнанне розных ільгот і прывілей для пануючых саслоўяў і асобных груп феадалаў падрывала агульны прынцып адзінства права. Гэтыя прывілеі — не выключэнне, яны былі састаўной часткай усяго феадальнага права, хоць і не адпавядалі новым прынцыпам, у чым і заключалася ўнутраная супярэчнасць феадальнай сістэмы права.
Побач з тыпова феадальнымі нормамі права ў Статут 1588 года былі ўключаны і некаторыя нормы, народжаныя распаўсюджаннем ідэй рэфармацыі і гуманізму. Праз увесь Статут праводзіцца ідэя ўмацавання прававога парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з законам. Ідэя прававога парадку была накіравана найперш супраць дэспатызму гаспадара, буйных феадалаў і сярэдневяковай тэакратычнай тэорыі паходжання і сутнасці дзяржавы. Адлюстравалася яна ў многіх артыкулах Статута, а таксама была выкладзена Л. Сапегам у яго прысвячэннях Жыгімонту III і ўсім саслоўям Вялікага Княства Літоўскага.
Безумоўна, Статут абараняў найперш інтарэсы феадалаў, таму канчаткова запрыгоніў сялян. Але для шляхты Статут прадугледжваў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека. Забаранялася перадаваць у няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынствы. У якасці нявольнікаў разглядаліся толькі ваеннапалонныя.
У Беларусі Статут 1588 года адмяніла толькі Кацярына II пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі, але Павел I вярнуў трэцяму Статуту сілу закона. Толькі Мікалай I канчаткова забараніў дзейнасць Статута ў 1840 годзе. Значыць, ліцвіны-беларусы жылі і працавалі па нормах Статута 252 гады.
Статут 1588 па сённяшні дзень застаецца яскравым ўзорам выдатнейшай праўнай думкі і культуры.