Нямецкае права для беларускіх гарадоў
Напэўна, многія з нас чулі пра Магдэбургскае права, пра тое, што гэтым правам у эпоху сярэднявечча надзяляўся той ці іншы горад. Між тым, адкуль яно прыйшло, што яно з сябе ўяўляла і якая з яго была карысць гарадам і тагачасным іх насельнікам, ведаем мы мала.
Адкуль пайшло Магдэбургскае права
Магдэбургскае права (інакш яго яшчэ называлі нямецкае права ці права на самакіраванне) узнікла ў ХІІІ ст. у нямецкім горадзе Магдэбургу. Звычайна гарады належалі тым феадалам, на чыёй зямлі яны ствараліся. Пры падтрымцы каралеўскай улады еўрапейскія гарады сталі дабівацца незалежнасці ад феадалаў, каб самастойна вырашаць свой лёс. Першым такога права дамогся менавіта Магдэбург. Гэтае права на вольнасць гарадоў з Нямеччыны і Польшчы было перанесена ў гарады Беларусі, Літвы, а таксама Украіны.
У ВКЛ права на самакіраванне гарады атрымоўвалі ад Вялікага князя (гаспадара), які быў зацікаўлены ў сацыяльна-эканамічным развіцці сваіх рэгіёнаў. Магдэбурскае права надавалася як заахвочванне для лепшага развіцця горада і ўзнагарода мяшчан (гараджан) за іх заслугі. Пазбаўленне горада Магдэбургскага права прымянялася як пакаранне за цяжкія правіннасці, кшталту здачы горада непрыяцелю падчас вайны ці забойства вялікага дзяржаўнага дзеяча. Так, напрыклад, у 1623 годзе Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права за забойства полацкага ўніяцкага архіепіскапа Іязафата Кунцэвіча.
Першую грамату на Магдэбургскае права атрымала, безумоўна, сталіца беларуска-літоўскай дзяржавы Вільня, адбылося гэта ў 1387 годзе, пасля — Берасце (1390), Гародня (1391), Слуцак (1441), Полацак (1498). Мяшчане сучаснай беларускай сталіцы дамагліся права на вольнасць і самакіраванне ў 1499 годзе ў дзень Святога Бенядзікта. Залатым векам вольных беларускіх местаў з'яўляецца 2-я палова XVI — 1-я палова XVII ст. Менавіта ў гэты час атрымоўвае Магдэбургскае права большасць беларускіх гарадоў, у тым ліку Наваградак (1595), Слонім (1531). Магдэбургскім правам карысталася, напрыклад, вёска Цырын, якая знаходзіцца недалёка ад Баранавічаў і пра якую пісаў Адам Міцкевіч ў баладзе «Свіцязянка». 6 чэрвеня 1645 г. права на самакіраванне атрымала таксама і сённяшняя вёска, а тады мястэчка Малеч (цяпер Бярозаўскі раён).
Больш паўтары сотні населеных пунктаў ВКЛ мелі права на самакіраванне, з іх больш за 50 — на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Так на нашых землях пачаўся працэс рэцэпцыі нямецкага гарадскога права, у выніку чаго апрача гарадоў на праве «рускім» ці «літоўскім» (пад якім звычайна разумелі нормы Статута) з’явіліся гарады магдэбургскія. Рамеснікі і гандляры такога горада, падпарадкаваныя магдэбургскаму праву, утваралі асобную прававую групу і называліся мяшчанамі. Болей таго, рэцэпцыя нямецкага магдэбургскага права ў культурна-цывілізаваным плане ставіла беларускі горад упоравень з такімі гарадамі, як Прага, Вена ці Гамбург, дзякуючы чаму Вялікае Княства Літоўскае рабілася сапраўднай часткай еўрапейскай цывілізацыі.
Сістэма самакіравання
Горад, надзелены Магдэбургскім правам, рабіўся самастойнай адміністрацыйнай адзінкай са сваім грамадзянствам, інстытутамі ўлады, гербам, падатковай сістэмай. Уся ўлада ў горадзе пераходзіла да органаў гарадскога самакіравання. У даход горада перадаваліся прыбыткі ад устаноў гандлю, гасціных двароў, лазняў і інш. Гараджане атрымлівалі эканамічныя ільготы, вызваляліся ад платы гандлёвых і некаторых іншых падаткаў. Значэнне для горада магдэбурскага права было вельмі важным — такі горад пачынаў хутка багацець, тут лепш развіваліся гандаль і розныя рамёствы, вырашаць свае праблемы можна было без умяшальніцтва цэнтральных уладаў.
Кожнай граматай на магдэбургскае права прадугледжваліся 3 асноўныя прынцыпы:
1) адмяняліся ранейшыя прававыя нормы і звычаі, на якіх было арганізавана жыццё горада;
2) утвараўся орган самакіравання — магістрат, склад якога выбіраўся жыхарамі горада;
3) улада і суд іншых органаў і асоб (апрача органаў гарадскога самакіравання) у адносінах да мяшчан страчвалі сілу.
Паводле магдэбургскага права, перасяленне ў горад (места) рабіла чалавека вольным ад прыгнёту. Перасяленец, які пражыў у горадзе адзін год і адзін дзень, лічыўся вольным. Чалавек, які прыехаў жыць у места, павінен быў даць прысягу на мясцовае грамадзянства. Толькі ў такім выпадку ён лічыўся праўным сябрам гарадской абшчыны.
Па новаму заканадаўству ў гарадах ствараўся выбарны орган самакіравання — Рада. Выбары ў Раду адбываліся адкрыта, і ў іх прымалі ўдзел толькі гаспадары і дзеці, якія аддзяліліся ад бацькоў і вялі самастойную гаспадарку. Штогод Рада выбірала з свайго складу 2 бурмістраў. Вялікі князь абавязкова прызначаў у Раду свайго намесніка (войта), які быў прадстаўніком дзяржавы ў вольным горадзе. Бурмістры і войт кіравалі эканамічным і сацыяльна-палітычным жыццём вольнага места. Дарэчы, кожны чыноўнік быў абавязаны валодаць беларускай, польскай і лацінскай мовамі.
Для пасяджэнняў Рады абавязкова будавалася ратуша (прабабка сучаснага гарсавета). Менавіта ў ратушы знаходзілася сэрца і розум вольнага места. Галоўны адміністрацыйны будынак горада аздабляўся дзвонам, альбо «зэгарам» (гадзіннікам). Люд паспаліты меў права абраць яшчэ і кантралёраў, якія правяралі дзейнасць гарадской Рады.
Рада фактычна дзялілася на 2 калегіі. Адна частка, якой кіраваў бурмістр, разглядала справы па грамадзянскіх зысках. Другая (лава), пад старшынствам войта, — займалася крымінальнымі справамі. Абедзве гэтыя калегіі насілі яшчэ назву «магістрат», альбо майдэборыя. Сябры магістрата (апрача войта) выбіраліся мяшчанамі на агульных выбарах. Войт жа, як ужо гаварылася, прызначаўся Вялікім князем, хоць, напрыклад, у Оршы ў 2-й палове XVI ст., у Мазыры і Нясвіжы мяшчане самі выбіралі і войта. У гарадах з канфесійна розным складам насельніцтва Раду ўтваралі на парытэтных пачатках: палову местаў аддавалі праваслаўным, а палову – каталікам.
Сябрам Рады мог стаць толькі паважаны чалавек мясцовага паходжання. Асобы, абраныя на пасаду, давалі прысягу ў прысутнасці ўсяго зграмаджэння мяшчанаў. Пасля гэтай урачыстай працэдуры яны лічыліся дапушчанымі да выканання сваіх абавязкаў.
Такім чынам, Магдэбургскае права рабіла горад больш свабодным і дэмакратычным, наколькі гэта было магчымым у сярэднявеччы.
Першы беларускі горад, які атрымаў Магдэбургскае права
У мінулым годзе адзначалася 620-годдзе з дня надання Берасцю магдэбургскага права. Але сёння мы і ўявіць сабе не можам, якая гэта значная падзея ў нашай гісторыі.
Горад Берасце (сёння Брэст) заўсёды быў важным эканамічным цэнтрам заходняга рэгіёну з вельмі выгадным у геаграфічным плане становішчам. Таму не дзіўна, што напрацягу вякоў за гэты горад змагаліся розныя князі, плямёны (напрыклад, яцвягі) і, безумоўна, дзяржавы — Галіцка-Валынскае княства, Польшча, Тэўтонскі ордэн. Але ў 1-й палове XІV ст. Берасце перайшло пад уладу Вялікага Княства Літоўскага — нашай сярэднявечнай дзяржавы.
На помніку да тысячагоддзя Берасця, які быў усталяваны ў 2009 годзе, ёсць скульптура Вялікага князя ВКЛ Ягайлы. За якія ж заслугі менавіта Ягайла варты такой пашаны?
У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў любой дзяржаве, адбывалася барацьба за ўладу. Вось у час барацьбы паміж Ягайлам і яго стрыечным братам Вітаўтам (будучым Вялікім князем), Ягайла ў 1390 годзе авалодаў Берасцем і ў гэтым жа годзе дараваў гораду магдэбургскае права. Такім чынам, на тэрыторыі сучаснай Беларусі горад Берасце атрымаў гэтае права першым.
Панна Марыя – заступніца менчукоў
Трэба сказаць у гэтай тэме некалькі слоў і пра горад, што з’яўляецца сталіцай нашай сённяшняй дзяржавы, тады ён насіў назву Менск.
У XV–XVI ст. вакол Менска было вельмі шмат зямлі, і гараджане, згодна з магдэбургскім правам, атрымалі магчымасць валодаць гэтай зямлёй. Мяшчане набылі права на вольны гандаль у дзяржаве, былі вызвалены ад мытных падаткаў. Усе падаткі, якія збіраліся ад гарадскіх мераў і вагаў, ад крам і лавак, накіроўваліся ў гарадскую казну. Мяшчане вызваляліся ад талок і гвалтаў (прымусовая калектыўная праца на карысць феадала), ад падводнай павіннасці, ад утрымання ганцоў і паслоў, ад вайсковай службы (але з абавязкам бараніць свой горад падчас варожага наступу ці аблогі).
Сведчаннем юрыдычнай правадзейнасці і сімвалам гарадскога самакіравання былі пячатка і герб. Менск атрымаў герб з выявай сцэны ўшэсця Панны Марыі. Легенда сцвярджае, што ў адзін з жнівеньскіх вечароў, а менавіта 13 дня 1500 года, менчукі ўбачылі дзіўнае святло на Свіслачы. Падбегшы да берага ракі, яны ўбачылі абраз цудоўнага старажытнага малявання, які плыў па рацэ і вельмі свяціўся. Згодна паданню гэты абраз Маці Боскай быў вывезены кіеўскім князем Уладзімірам у 989 годзе з Візантыі і знаходзіўся ў Кіеўскай царкве Раства Багародзіцы. У час разбурэння мангола-татарамі Кіева (1240 г.) гэта царква была знішчана. Але абраз Панны Марыі ўцалеў і нейкім дзіўным чынам трапіў у Менск.
Чаму менавіта адлюстраванне Маці Боскай стала сымбалем Менска? Як вядома, у гэтыя часы ў беларуска-літоўскай дзяржаве рэзка абвастрылася барацьба паміж праваслаўнымі і католікамі. Каб з'яднаць праваслаўнае насельніцтва, патрэбен быў велічны сымбаль. Вось чаму, на нашу думку, на гербе Менску мы сёння бачым сцэну ўшэсця Панны Марыі, якая стала заступніцай ўсіх менчукоў.
Заняпад…
На ўсход ад ВКЛ — у Масковіі (пазней Расіі) магдэбурскага права ніколі не было, там гарады не ведалі такіх прывілеяў і свабодаў, як нашы. У канцы XVIII ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай, часткай якой з’яўлялася і ВКЛ, да Расіі адыйшла тэрыторыя сучаснай Беларусі. Пасля гэтага магдэбурскае права ў нашых гарадах было скасавана, а каб канчаткова сцерці падабенства нашых зямель да еўрапейскай цывілізацыі, новыя гаспадары пазнішчалі і будынкі гарадскіх ратуш.
Тым не меньш, сёння паглядзець на адноўленую ратушу можна ў Мінску, Нясвіжы, Магілёве альбо ў многіх гарадах Еўропы, дзе будынкі, у якіх засядаў орган самакіравання, захаваліся да нашых дзён.