Статус творчага работніка падцвердзіць камісія

.

Палажэнне аб экспертнай камісіі па пацвярджэнню статусу творчага работніка, зацверджанае пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 24.05.2000 № 747, пастановай Ураду ад 27.08.2015 № 747 выкладзена ў новай рэдакцыі.

Асноўнымі задачамі камісіі, якая, дарэчы, утвараецца пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца:

  • ацэнка вынікаў творчай дзейнасці зацікаўленай асобы;
  • пацвярджэнне статусу творчага работніка, які не з’яўляецца членам творчага саюза, шляхам выдачы прафесійнага сертыфіката творчага работніка.
  • У мэтах рэалізацыі асноўных задач камісія:
  • ажыццяўляе прыём заяў і матэрыялаў, якiя пацвярджаюць вынiкi творчай дзейнасцi творчага работнiка, і разглядае іх;
  • арганізуе правядзенне экспертызы матэрыялаў;
  • прымае рашэнні аб адмове ў прыняцці заявы зацікаўленай асобы аб выдачы сертыфiката або аб адмове ў выдачы сертыфiката, аб ануляванні сертыфіката;
  • ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Камісія мае права:

  • запрошваць і атрымліваць ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, у тым ліку творчых саюзаў, дакументы і звесткі, неабходныя для пацвярджэння статусу творчага работніка;
  • запрашаць і заслухоўваць на сваіх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, у тым ліку творчых саюзаў;
  • прыцягваць для правядзення экспертызы матэрыялаў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, у тым ліку творчых саюзаў, спецыялістаў у сферы культуры, дзеячаў культуры і мастацтва, якія не з’яўляюцца членамі камісіі.

Падставай для разгляду пытання аб выдачы сертыфiката з’яўляецца заява зацікаўленай асобы, якая падаецца па вызначанай форме. Заява падаецца ў ходзе асабістага прыёму, па пошце або нарачным (кур’ерам). Да заявы прыкладаюцца матэрыялы, указаныя ў пункце 8.7 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 200. Пры неабходнасці зацікаўленая асоба забяспечвае доступ да вынікаў творчай дзейнасці (творы манументальнага i манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і іншае).

Да разгляду заявы на пасяджэнні камісіі праводзіцца экспертыза матэрыялаў. Заява і экспертнае заключэнне разглядаюцца на пасяджэнні камісіі ў тэрмін не больш за 20 рабочых дзён з дня падачы заявы. Зацікаўленая асоба мае права прысутнічаць на пасяджэнні камісіі.

Крытэрыі ацэнкі вынікаў творчай дзейнасці зацікаўленай асобы:

  • вынікі творчай дзейнасці з’яўляюцца новымі, якія не існавалі раней, самастойнымі вынікамі інтэлектуальнай дзейнасці;
  • вынікі творчай дзейнасці адносяцца да твораў мастацкай літаратуры і мастацтва і іншых вынікаў у галіне культуры, мастацтва і іншай культурнай творчай дзейнасці;
  • прафесійны мастацкі ўзровень вынікаў творчай дзейнасці;
  • апублікаванне, публічнае выкананне, публічны паказ, давядзенне да ўсеагульнага ведама або іншыя спосабы, якія робяць вынікі творчай дзейнасці даступнымі публіцы (не менш за два разы ў год на працягу апошніх трох гадоў);
  • наяўнасць дзяржаўных узнагарод, званняў лаўрэата, дыпламанта мiжнародных, рэспублiканскiх, рэгіянальных культурных мерапрыемстваў і іншых заахвочванняў за вынікі творчай дзейнасці на працягу апошніх трох гадоў.

Па выніках разгляду заявы і экспертнага заключэння камісіяй прымаецца рашэнне аб выдачы сертыфiката або аб адмове ў выдачы сертыфiката.

Пастанова № 747 уступае ў сілу з 2 верасня 2015 г.