Добавить свой вопрос
Вернуться к списку вопросов
Имя
Галіна
Вопрос:

Ці можа быць узбуджана справа за абразу ў ходзе судовага працэсу, прычым з выкарыстаннем у якасці сведкі сакратара суда?

Ответ:

Дзякуй за пытанне!

Абраза - гэта наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці, выяўленае ў непрыстойнай форме. Такім чынам, найперш яшчэ трэба добра ўзважыць, ці мела месца менавіта абраза, інакш кажучы, ці адпавядала тое, што вы палічылі за абразу, пералічаным вышэй крытэрыям: 

  • прыніжэнне гонару і годнасці;
  • непрыстойная форма.

Далей. Згодна з часткай 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, абраза, нанесеная ў публічным выступе, або ў друкаваным  творы, ці ў творы, што публічна дэманструецца, або ў сродках масавай інфармацыі, караецца штрафам, або папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.

Такім чынам, калі вы маеце на ўвазе ўзбуджэнне крымінальнай справы, то, як бачыце, гэта будзе магчыма, калі гэта адбылося ў судовым працэсе ў публічным выступе.

Калі не меў месца публічны выступ, то можна весці гаворку толькі пра адміністратыўную адказнасць. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях такія дзеянні будуць карацца штрафам у памеры да дваццаці базавых велічынь.

Ну і, вядома ж, калі сапраўды мела месца абраза, то можна ўзбудзіць грамадзянскую справу аб абароне гонару і годнасці і аб кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды.

Калі будзе мець месца звычайная грамадзянская справа, то ў пытанні пра сведку трэба звяртацца да артыкула 92 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Асобы, якія не могуць быць сведкамі". Гэтай нормай пастаноўлена, што сведкамі не могуць быць:

1) асобы, што ў сілу фізічных ці псіхічных недахопаў не здольныя правільна ўспрымаць факты і даваць пра іх правільныя паказанні;

2) прадстаўнікі па грамадзянскай і эканамічнай справе, медыятары, прымірыцелі, а таксама абаронцы па крымінальнай справе - адносна абставінаў, што сталі ім вядомыя ў сувязі з выкананнем абавязкаў прадстаўніка, медыятара, прымірыцеля ці абаронцы;

3) суддзі - па пытаннях, што ўзніклі ў пакоі для нарады ў сувязі з абмеркаваннем абставін пры вынясенні судовай пастановы па грамадзянскай ці крымінальнай справе.

Такім чынам, бачым, што калі асоба была сакратаром пры разглядзе нейкай справы, а пасля будзе разглядацца грамадзянская справа, да прыкладу, аб абароне гонару і годнасці, то такая асоба можа выступаць тут у якасці сведкі.

Аднак усё гэта абагульнена. Такія пытанні без адваката не вырашаюцца, таму, калі вашыя намеры сур'ёзныя, і калі вы ўпэўненыя, што сапраўды мела месца абраза, то трэба ісці да адваката і ўжо з ім вырашаць усе пытанні.

Аляксандр ГОРБАЧ, юрыст 

 

 

Вернуться к списку вопросов
Наш telegram-канал