Народ як суб’ект права

Автор: - .

Паняцце тэрміну «народ» ў прававой навуцы разумеецца па-рознаму. Калі мы сустракаем у міжнародных дакументах гэты тэрмін, то ён тлумачыцца як сінонім слову «насельніцтва». Напрыклад, у Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права 1970 г. вызначана, што ў межах дзяржаў і краін, насельніцтва якіх мае аднолькавы статус і правы, а дзяржаўная ўлада прадстаўляе ўсё насельніцтва на ўсёй тэрыторыі, існуе толькі адзін непадзельны народ [1].

 

Сяргей БЯЛЯЎСКІ, дырэктар юрыдычнай кампаніі «Эканамічныя спрэчкі», медыятар, старшыня трацейскага суда «Эканамічныя спрэчкі», арбітр Міжнароднага арбітражнага суда пры БелГПП

Глеб БАРМАНАЎ, студэнт юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, практыкант юрыдычнай кампаніі «Эканамічныя спрэчкі»

 

Народ – гэта?..

Пры характарыстыцы паняцця «народ» адзначаецца, што гэта «этнічная агульнасць, група людзей, якія маюць агульнае паходжанне і гісторыю» [2, с. 441]. Зыходзячы з этымалагічнага тлумачэння «народа», як этнічнай супольнасці, можна сцвярджаць, што асноватворным складнікам пры яго вызначэнні з'яўляецца катэгорыя «чалавек», які можа быць грамадзянінам дзяржавы, выбаршчыкам, а можа і не быць ім.

Эксперты ЮНЕСКА па вывучэнні правоў народаў вызначаюць тэрмін «народ», вылучаючы пры гэтым яго такія аб'ектыўныя і суб'ектыўныя крытэрыі:

1. Група чалавечых індывідаў, якія валодаюць некаторымі ці ўсімі наступнымі характарыстыкамі:

  • агульныя гістарычныя традыцыі;
  • расавае або этнічнае адзінства;
  • культурная аднастайнасць;
  • моўная агульнасць;
  • рэлігійнае ці ідэалагічнае падабенства;
  • тэрытарыяльныя сувязі;
  • агульнае эканамічнае жыццё;

2. Група не павінна абавязкова мець значную колькасць, але павінна прадстаўляць нешта большае, чым простае аб'яднанне індывідаў;

3. Такая група павінна імкнуцца, каб яе лічылі народам, і павінна мець самасвядомасць народа, хоць, валодаючы ўказанымі вышэй характарыстыкамі, група або ўдзельнікі групы могуць і не мець такога жадання і самасвядомасці;

4. Група павінна мець розныя інстытуты і іншыя сродкі для праявы сваіх характарыстык і свайго імкнення да адзінства [3, P. 7-8].

Разглядаючы дадзенае пытанне, Р. А. Мюлерсан акцэнтуе ўвагу на тым, што пры самавызначэнні размова ідзе менавіта аб народзе, а не аб насельніцтве. «Нават калі, скажам, у Кастрычніцкім раёне г. Масквы больш жыхароў, чым у Нагорным Карабаху, права на самавызначэнне мае народ Нагорнага Карабаха, а не асобы, якія маюць пастаянную прапіску ў сталічным раёне. У аснове народа як суб'екта самавызначэння ляжыць часцей за ўсё нацыя ці іншая этнічная супольнасць, з якой ідэнтыфікуецца дадзеная тэрыторыя» [4, c. 41].

Звычайна ў працэсе канстытуцыйнага нарміравання этнічны аспект паняцця «народ» не ўлічваецца, а нярэдка нават прама ўказваецца на яго непрыманне. Так, у Канстытуцыі Рэспублікі Узбекістан наўпрост гаворыцца пра тое, што «народ Узбекістана складаюць грамадзяне Рэспублікі Узбекістан незалежна ад іх нацыянальнасці» [4, с. 218]

Ігар Валер’янавіч Цівунчык лічыць, што ў шырокім сэнсе паняцце «народ» змяшчае зусім не колькасна-расавую або моўную характарыстыку, а характарыстыку межаў і мае на ўвазе тую ці іншую камбінацыю аб'яднання індывідаў, гатовых узяць на сябе правы і абавязкі, якія вынікаюць з іх. У такім сэнсе народ – з'ява гістарычна неаднародная, сацыяльная, складанаструктураваная, можа ахопліваць насельніцтва пэўнай краіны, дзяржавы, тэрыторыі, мясцовасці, альбо нейкую сацыяльную групу, якая мае зусім канкрэтныя абавязкі і сацыяльны інтарэс, па якім і дзеля якога яны аказваюцца разам. [5, c. 23].

Падсумаваўшы разгледжаныя вышэй пазіцыі, можна зрабіць выснову аб тым, што народ – гэта сукупнасць індывідаў, у якіх ёсць агульныя мэты, тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі, культурнае падабенства і г.д. Аднак тут узнікае адразу іншае пытанне: ці ўсе людзі, якія адпавядаюць пералічаным вышэй крытэрыям, з’яўляюцца народам, калі разглядаць іх праз прызму права?

 

Народ як палітычная супольнасць

Калі характарызаваць народ як палітычную супольнасць, акцэнтуецца ўвага на выкарыстанні такіх паняццяў як «грамадзяне», «сукупнасць грамадзян» «выбаршчыкі», «частка выбаршчыкаў», «выбарчы корпус», «выбаршчыкі, якія прынялі ўдзел у галасаванні». Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека у п. 3 арт. 21 усталёўвае, што воля народа павінна знаходзіць сабе выяўленне ў перыядычных і нефальсіфікаваных выбарах і быць асновай улады ўрада [6].

У ч. 1 і ч. 2 арт. 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана, што грамадзяне нашай краіны маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў, іншых нарматыўных прававых актаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі [7].

Гэтыя дадзеныя дазваляюць зрабіць выснову, што ў сучасным міжнародным і нацыянальным заканадаўстве было вызначана палажэнне, якое зацверджвае, што воля народа можа і павінна праяўляцца шляхам правядзення несфальсіфікаваных выбараў і рэферэндумаў.

Агульна вядома, што не толькі не ўсё насельніцтва, але і не ўсе выбаршчыкі бяруць удзел у выбарах, рэферэндуме, усенародным галасаванні. Агульная воля народа не можа быць тоесная волі ўсяго насельніцтва дзяржавы, а з'яўляецца сукупнасцю індывідуальных пазіцый выбаршчыкаў, якія прагаласавалі.

Толькі грамадзяне, надзеленыя правам удзелу ў галасаванні на рэферэндуме і выбарах, выказваючы сваю індывідуальную волю, здольныя ўплываць на юрыдычна значнае вызначэнне агульнай волі народа, як суб'екта канстытуцыйна-прававых адносін [8, с. 115-116].

У сувязі з гэтым паняцце «народ» скрозь прызму канстытуцыйна-прававога асэнсавання бачыцца як першасны элемент правапарадку і крыніца публічнай улады. Менавіта тэрмін «народ» увасабляе ў сабе ўсю пазітыўную дынаміку, якая прысутнічае як у быцці дзяржавы, так і ў ключавых палітычных працэсах у грамадстве.

 

Праблемы фарміравання народа як суб'екта права

У якасці фармавання як суб'екта права паняцце «народ» праходзіла складаны шлях. Дадзены працэс цесна звязаны з развіццём дзяржаўнасці, палітычных ідэалогій, а таксама зменамі ў разуменні правоў чалавека. У Статуце ААН было замацавана права народаў на самавызначэнне, і, нельга не адзначыць, што гэтая падзея наўпрост абумовіла працэс перабудовы ўнутраных палітыка-прававых асноў большасці дзяржаў.

На нашу думку, калі разглядаць фарміраванне народа як суб’екта права, то варта падкрэсліць, што абмеркаванне і разгляд дадзенага працэсу магчымыя толькі пры наяўнасці ў народа жадання быць гэтым суб’ектам. Такое жаданне павінна праяўляцца ў народа пры дапамозе розных сродкаў, метадаў, дэманастрацый і г.д. Відавочнымі прыкладамі ў гэтым аспекце  з’яўляюцца Ірландыя і Каталонія. У выпадку з Ірландыяй народ дасягнуў пастаўленай мэты і завершыў сваё фарміраванне як суб’ект права, у выніку чаго былі створаныя пэўныя палітычныя і грамадскія інстытуты.  У выпадку ж з Каталоніяй сітуцыя іншая – яна дагэтуль з’яўляецца часткай Іспаніі і не набыла суб’ектыўнасці на міжнароднай арэне. Аднак, паглядзеўшы на старонкі гісторыі, мы можам заўважыць, што спробы сфарміравацца ў якасці суб’екта права прысутнічаюць і на дадзены момант, урад Іспаніі не забыўся пра іх.

Пасля Французскай рэвалюцыі і эпохі Напалеона права на самавызначэнне стала адным з цэнтральных пытанняў у міжнародных адносінах. Ідэя самавызначэння неаднаразова трансфармавалася і выкарыстоўвалася ў якасці інструмента палітыкі вялікіх дзяржаў, напрыклад, пры стварэнні буфернай зоны вакол Францыі пасля Венскай канферэнцыі 1815 г. шляхам утварэння незалежных нацыянальных дзяржаў, такіх як Бельгія і Люксембург [9, P. 175].

Пасля Другой сусветнай вайны паняцце самавызначэння было замацавана ў Статуце ААН, што садзейнічала шырокамаштабнай дэкаланізацыі і далейшай фрагментацыі палітычнай мапы свету, а таксама ўзнікненню новых нацыянальных дзяржаў у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы і Азіі. Прыкладам можа служыць развіццё сітуацыі ў Паўднёва-Заходняй Афрыцы, акупаванай войскамі ПАР, дзе пазней узнікла незалежная дзяржава Намібія. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1976 г. на гэтай тэрыторыі былі праведзены выбары ў нацыянальныя органы ўлады, якія праходзілі пад назіраннем і кантролем ААН, і народ Намібіі адбыўся як суб’ект права, сваю незалежнасць і суб’ектыўнасць яму прыйшлося адваёўваць на працягу многіх дзесяцігоддзяў.

Хельсінкская канферэнцыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе 1975 г. і наступныя канферэнцыі замацавалі адмысловую ініцыятыву (прапанаваную СССР) па афіцыйным афармленні пасляваеннага светапарадку і існуючых меж. У гэты 30-гадовы перыяд сфармавалася памылковае ўяўленне аб тым, што самавызначэнне, па сутнасці, з'яўляецца пытаннем мінулага або праблемай, якая мае непасрэднае дачыненне да дэкаланізацыі. Падобнага роду скажонае ўяўленне прынцыпу узнікла з-за практычнай адсутнасці рухаў за самавызначэнне і адноснага спакою міжнароднай сістэмы. Пры гэтым заставаліся па-ранейшаму актуальнымі праблемы Паўднёвага Ціроля, Каталоніі, Баскскага рэгіёну, Ірландыі, Кіпра, Біяфры, Кашміра, Бангладэш, Тыбета, Усходняга Тымора і інш., дзе звязаныя з імі спрэчкі дагэтуль вядуцца з рознай ступенню інтэнсіўнасці.

У сучасным свеце існуе вялікая колькасць месцаў напружанасці, якія могуць патэнцыйна прывесці (а ў асобных выпадках і прыводзяць) да катастрафічных наступстваў. Многія з іх альбо цяжкавырашальныя, альбо па-ранейшаму ігнаруюцца, як, напрыклад, у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Да ліку найбольш прыкметных, але, як мяркуецца, непрымірымых пытанняў самавызначэння адносяцца наступныя: Бельгія (праблемы паміж фламандцамі і валонамі), Каталонія і Краіна Баскаў, Шатландыя і Паўночная Ірландыя, Кіпр, Паўднёвая Асеція, Абхазія, Кашмір.

 

Высновы

Падсумаваўшы, можна зрабіць выснову, што паняцце і сутнасць «народа» як суб'екта права — гэта складаная і шматгранная праблема, якая не мае адназначнага рашэння і можа інтэрпрэтавацца па-рознаму ў залежнасці ад прававой сістэмы, палітычнага рэжыму і філасофска-ідэалагічных установак.

У прававым кантэксце «народ» выступае як абстрактны палітыка-прававы суб'ект, які валодае суверэнітэтам і з'яўляецца крыніцай дзяржаўнай улады. Юрыдычнае значэнне «народа» заключаецца ў яго здольнасці быць непасрэдным суб’ектам у праваадносінах і прымаць рашэнні, якія аказваюць уплыў на ўсё грамадства. Працэс фарміравання народа як суб'екта права няпросты і працяглы, ён залежыць ад мноства фактараў, у тым ліку рэалізацыі права на самавызначэнне. Хоць гэта і з’яўляецца правам, аднак, на нашу думку, без яго рэалізацыі народу немагчыма канчаткова сфарміравацца як самастойнаму суб’екту права.

 

Спіс крыніц:

1. Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права 1970 г. https://www.un.org/ru/documents/decl_conv/declarations/intlaw_principles.shtml

2. Большая энциклопедия: в 62 томах. — Т. 31. — М.: ТЭРРА, 2006. —  592 с.

3. UNESCO, International Meeting of Experts on Further Study of the Concept of the Rights of Peoples: Final Report and Recommendations UNESCO doc. SHS89/CONF.602/7. P. 7–8.

4. Права человека: идеи, нормы, реальность. /  Мюллерсон, Р. А. - М. : Юрид. лит, 1991. С. 41.

5. Конституционное право: Словарь / И.А. Алебастрова; отв. ред. В.В.Маклаков. – М. : Юристъ, 2001. – 559 с.

6. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ад 10 снежня 1948 году [Электронны ресурс] // Рэжым доступа: https://belarus.un.org/be / – Дата доступа : 02.03.2025

7. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года: з змен. і дап., прынятымі на рэсп. Рэферэндумах 24 ліст. 1996 г., 17 кастр. 2004 г., 27 лютага 2022 г.) [Электронны рэсурс] // Нацынальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. – Рэжым доступу: https://pravo.by/pravovaya-informatsiya/normativnye-dokumenty/konstitutsiya-respubliki-belarus/ – Дата доступа : 02.03.2025

8. Голосование в 16: явка и качество выбора голосов / Вагнер М., Иоганн Д., Критцингер С. Электоральные исследования. 2012.  т. 31 - С. 372-383.

9. Ikenberry G. J. After victory: institutions, strategic restraint, and the rebuilding of order after major wars. Princeton, 2010. — 336 p.

 

 

 

 

Наш telegram-канал