Беларусаў замежжа абароніць спецыяльны закон

.

Нашых суайчыннікаў, што жывуць за межамі краіны будзе абараняць Закон Рэспублікі Беларусь ад 16.06.2014 № 162-З “Аб беларусах замежжа”. Для мэтаў Закона тэрмін “беларусы замежжа” абазначае асоб, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы або з’яўляюцца выхадцамi з тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь. У артыкуле 4 Закона удакладняецца, што да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы:

  • грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь;
  • замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i самi або iх продкi па прамой узыходзячай лiнii нарадзiлiся або пражывалi на тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь;
  • замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнiчнай прыналежнасцi да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гiстарычных сувязей, ведання i захавання беларускiх традыцый i звычаяў.
  • Прызнанне асобамi сваёй прыналежнасцi да беларусаў замежжа ў адпаведнасцi з абзацамi трэцiм i чацвёртым часткi першай гэтага артыкула з’яўляецца актам iх самаiдэнтыфiкацыi, падмацаваным грамадскай або прафесiйнай дзейнасцю па захаваннi беларускай мовы, развiццi беларускай культуры за мяжой, умацаваннi сяброўскiх адносiн дзяржаў грамадзянскай прыналежнасцi або пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа з Рэспублiкай Беларусь i iншымi пацвярджэннямi добраахвотнага выбару на карысць духоўнай i культурнай сувязей з беларускай дзяржавай.

Закон вызначае асноўныя прынцыпы, мэты i напрамкi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа ў мэтах забеспячэння салiдарнасцi беларусаў ва ўсiм свеце, захавання нацыянальна-культурнай iдэнтычнасцi беларусаў замежжа i ўмацавання iх сувязей з Рэспублiкай Беларусь, а таксама катэгорыi асоб, якiя адносяцца да беларусаў замежжа, i меры дзяржаўнай падтрымкi, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспублiцы Беларусь i за яе межамi.

Устаноўлена, што дзяржаўная палiтыка ў галiне адносiн з беларусамi замежжа засноўваецца на:

  • агульнапрызнаных прынцыпах i нормах мiжнароднага права;
  • прызнаннi прыналежнасцi кожнаму ад нараджэння неад’емных асноўных правоў i свабод чалавека i грамадзянiна;
  • падтрыманнi адносiн з беларусамi замежжа на аснове ўзаемнай павагi i партнёрства;
  • прызнаннi неабходнасцi забеспячэння нацыянальных, культурных i iншых правоў беларусаў замежжа ў адпаведнасцi з агульнапрызнанымi прынцыпамi i нормамi мiжнароднага права, а таксама з улiкам заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасцi i пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа;
  • абавязковасцi ўлiку дзеянняў замежных дзяржаў у дачыненнi да беларусаў замежжа, якiя пражываюць на iх тэрыторыi, пры выпрацоўцы i рэалiзацыi палiтыкi Рэспублiкi Беларусь у дачыненнi да гэтых дзяржаў;
  • аказаннi дзяржаўнай падтрымкi ў рэалiзацыi нацыянальных, культурных i iншых правоў беларусаў замежжа i грамадскiх аб’яднанняў (арганiзацый) беларусаў замежжа, якiя iмкнуцца да развiцця i ўмацавання сяброўскiх адносiн памiж замежнымi дзяржавамi i Рэспублiкай Беларусь i чыя дзейнасць адпавядае нацыянальным iнтарэсам Рэспублiкi Беларусь.

Ажыццяўленне дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адносiн з беларусамi замежжа павiнна садзейнiчаць:

  • стварэнню ўмоў для вывучэння беларусамi замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гiсторыi i культуры;
  • адкрыццю i дзейнасцi культурных цэнтраў Рэспублiкi Беларусь у краiнах пражывання беларусаў замежжа;
  • дзейнасцi iснуючых i стварэнню новых арганiзацый культуры, навуковых арганiзацый, а таксама арганiзацый, якiя ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць для беларусаў замежжа ў Рэспублiцы Беларусь i за яе межамi, у тым лiку забеспячэнню iх вучэбнымi праграмамi, падручнiкамi, вучэбнымi i вучэбна-метадычнымi дапаможнiкамi для выкладання беларускай мовы, нацыянальнай гiсторыi i культуры за межамi Рэспублiкi Беларусь;
  • культурнаму i адукацыйнаму абмену памiж Рэспублiкай Беларусь i грамадскiмi аб’яднаннямi (арганiзацыямi) беларусаў замежжа;
  • выданню работ замежных i айчынных аўтараў па гiсторыi i культуры Беларусi i беларусаў замежжа;
  • правядзенню культурных i навуковых мерапрыемстваў беларусаў замежжа як у Рэспублiцы Беларусь, так i ў краiнах пражывання беларусаў замежжа;
  • рэалiзацыi права на адукацыю ў Рэспублiцы Беларусь у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;
  • атрыманню, распаўсюджванню iнфармацыi i карыстанню ёй на беларускай мове, доступу да сродкаў масавай iнфармацыi, зарэгiстраваных у Рэспублiцы Беларусь;
  • аказанню ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь гуманiтарнай дапамогi беларусам замежжа, якiя апынулiся ў надзвычайных сiтуацыях;
  • рэалiзацыi iншых мер у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Асноўныя палажэнні Закона № 162-З уступяць у сілу 21 верасня 2014 года.

Наш telegram-канал