На ўчастку плошчаю 15 сотак збіраюся рэканструіраваць летнюю кухню (надбудоўваць 2-гі паверх). Летняя кухня зблакіравана з лазьняй і гаражом і эксплуатуецца ўжо 48 гадоў. Адлегласць паміж летн. кухняй і драўлянай верандай майго ж аднапавярховага жылога дому - каля 2-х метраў. Прадстаўнік МЧС кажа, што пажарны разрыў павінен быць 6 м паміж сумежнымі сценамі. Значыць амаль паўстагодздзя гаспадары ўчастка парушалі нормы пажарнай бясьпекі? Як тут быць?
Скажам адразу, што пытанне для нас складанае, бо яно патрабуе спецыфічных ведаў, гэтая сфера рэгулюецца многімі тэхнічнымі нарматыўнымі актамі (ТКП, СНБ і інш.), якіх мы можам і не ведаць.
Але, як мы бачым, то патрабаванне аб супрацьпажарным разрыве не меньш за 6 метраў датычыць іншай сітуацыі, а менавіта адлегласці ад вакон жылога памяшкання да сцен дома і гаспадарчых пабудоў, размешчаных на суседніх (сумежных) участках. Прынамсі, так кажа п. 6.2.8 ТКП 45-3.01-117-2008 (02250). Гэта значыць, што чужыя будынкі не могуць быць бліжэй да вашага дома, як за 6 метраў. Вы ж кажаце аб будынках, што належаць вам і размешчаныя на вашай дзялянцы.
А вось згодна з СНБ 2.02.04-03 "Супрацьпажарная абарона населеных пунктаў і тэрыторый прадпрыемстваў", да якіх, дарэчы, апелюе той жа ТКП 45-3.01-117-2008 (02250), разрывы паміж аднакватэрнымі і блакаванымі жылымі дамамі і гаспадарчымі пабудовамі, а таксама паміж гаспадарчымі пабудовамі ў межах аднаго зямельнага ўчастка не нарміруюцца (п. 6.4). Калі зыходзіць з гэтай нормы, то ніякай праблемы ў вас быць не павінна.
Але яшчэ раз падкрэслім, што сфера даволі спецыфічная, мы можам чагосці не ведаць. Таму раім вам зрабіць афіцыйны запыт у адпаведныя органы (тыя, што не даюць згоды на рэканструкцыю). Няхай яны, гэтак як мы, абгрунтуюць сваю пазіцыю адпаведнымі пунктамі адпаведных тэхнічных нарматыўных актаў. Тады будзеце бачыць, што рабіць далей. Можаце тады напісаць нам, мы паглядзім, ці ёсць такое насамрэч, такія нормы, на якія яны будуць спасылацца.
Аляксандр ГОРБАЧ, юрыст
